ФІНА́НСАВЫЯ РЭФО́РМЫ 1860-х г. у Расіі,

рэформы, мэта якіх прыстасаваць фін. сістэму краіны да развіцця капіталізму. Падрыхтоўка і правядзенне сялянскай рэформы 1861 выклікалі неабходнасць заснавання Дзяржбанка (1860) і стварэння ў мін-ве фінансаў Гал. выкупной установы для правядзення выкупной аперацыі (1862). Паводле прынятых у адпаведнасці з гэтым Правілаў усе ўстановы павінны былі кожны год складаць каштарысы па ўстаноўленай форме і з падрабязным вызначэннем асобных артыкулаў і параграфаў выдаткаў. Агульны роспіс бюджэту складаўся мін-вам фінансаў, зацвярджаўся Дзярж. саветам і станавіўся законам. З 1862 дзярж. роспіс публікаваўся. У 1864—68 усе дзярж. даходы былі засяроджаны ў касах Дзярж. казначэйства мін-ва фінансаў. З іх у адпаведнасці з бюджэтнымі каштарысамі і касавымі роспісамі рабіліся выдаткі. Вырасла значэнне фін. дзярж. кантролю, які штогод правяраў законнасць праекта роспісу даходаў і выдаткаў да іх разгляду ў Дзярж. савеце і прадстаўляў Дзярж. савету справаздачу аб выкананні фін. каштарысу за мінулы год. У 1865 створаны мясц. органы дзярж. кантролю — кантрольныя палаты. У пач. 1860-х г. вінныя водкупы заменены акцызным зборам на вытв-сць спіртных напіткаў, а з 1866 — на тытунь. Для збірання акцызаў створаны губ. і акр. акцызныя ўпраўленні. Дэпартамент розных падаткаў і збораў мін-ва фінансаў падзелены ў 1863 на дэпартаменты ўскосных і прамых падаткаў. Аднак фін. рэформы былі непаслядоўныя. У сістэме прамых падаткаў захаваўся асн. падатак рус. феад. дзяржавы — падушны падатак; рэвізія дзярж. кантролю пашыралася не на ўсе ведамствы і г.д. Грашовая рэформа 1862 не была рэалізавана; прадугледжаны ёю размен папяровых грошай на золата і серабро спынены з-за няхваткі метал. фонду. Створаная фін. рэформамі сістэма захоўвалася з некаторымі зменамі да 1917.

Літ.:

Полное собрание законов Российской империи. 2 изд. СПб., 1865. Т. 37. № 38309.

т. 16, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)